Пераслед мінулага - стр. 7
За гэты час, пакуль сівы Ліс незадаволена думаў і круціў галавой, Юрый Люты ўпёрся пратэзам у дарогу, перакінуў здаровую нагу праз невысокі борт і, дапамагаючы сабе рукой, забраўся на невялікі прычэп. Як толькі пасажыр сеў на лаву, у выглядзе гарызантальнай дошкі, якая ляжала і мацавалася за борты, кіроўца імгненна ўключыў перадачу і даў газу. З-за раптоўнага руху Лютага трохі пахіснула і павяло ў бок. Ён тут жа левай рукой моцна схапіўся за халодны борт прычэпа, а правай рукой, у якой быў пакет, упёрся ў сырую драўняную дошку. Юрый выраўнаваў спіну і хутка прыбраў пакет ад дажджу пад плашч. Ён не чакаў, што Арцём Ліс папярэдзіць яго, але спадзяваўся на больш мяккі старт. Люты глядзеў на дарогу, якая паўзла ад яго як змяя, затым павярнуў галаву на лазовыя кусты, якія хавалі старую канаву, а пасля, глядзеў, як хмурна плыло шэрае неба.
Арцём Ліс не збаўляў хуткасці, ледзь аб'язджаў лужыны. Пасажыр адчуваў, як хутка рухаўся трактар, адчуваў раздражненне кіроўцы. У восеньскай шэрасці ён пашкадаваў, што пагадзіўся сесці ў прычэп. Юрыю не перашкаджала ні халоднае паветра, ні трасяніна ад мноства дробных ям. Яго трывожыла толькі адно – незадаволены твар Арцёма, які ён бачыў пры сустрэчы. Усю дарогу двое ехалі моўчкі. І каб адцягнуцца і не ўспамінаць зморшчаны погляд Арцёма, Юрый Люты стаў любавацца восеньскай прыродай, апускаючыся ў прыемныя летуценні. Ён любіў такім чынам адагнаць ад сябе горкія думкі. А вось Арцём Ліс, у гэты ж час, думаў толькі пра сваё – як бы хутчэй дабрацца да вёскі і выпіць "горкай". Ён не задумваўся пра тое, як і дзе прыпаркаваць трактар, як не трапіць на вочы жонцы. Гэта ўжо потым, у нецвярозым стане, ён зможа пайсці здавацца жонцы, ні пра што не шкадуючы. Арцём часта тлумачыў сваёй жонцы Караліне прычыну свайго п'янства. Ён казаў, што п'е толькі дзеля таго, каб забыцца пра вайну, змякчыць свае пакуты і ўспаміны, і моцна заснуць. А яго строгая жонка ў адказ толькі пускала гарачую лаянку, але калі яна супакойвалася да раніцы, дык прыводзіла ў прыклад мужу Юрыя Лютага: чалавека, які, у адрозненне ад Арцёма, быў на сапраўдным фронце, страціў нагу на вайне, але ўсё ж змог кінуць піць і перастаць старанна заліваць алкаголем сваё не лепшае мінулае. Таму, пры сустрэчы Юрыя, у Арцёма злёгку калола ў грудзях, нібы захрасала скабка пад скурай і ніяк яе не выцягнуць. І што б там Арцём ні казаў сваёй жонцы аб сціхаючым болю пры прыёме спіртных напояў, выходзіла ў яго заўсёды наадварот. Ліс напіваўся і заводзіўся, як матор. Ён не змаўкаў і балбатаў аб былых жыццёвых цяжкасцях. У п'яным стане ён насіўся па сваім двары, як нязграбны і ўкормлены кабан, які ўцёк з хлява. Мужчына не распускаў рукі, а толькі славесна абвінавачваў іншых людзей ва ўсім, што не падабалася яму. Арцём Ліс супакойваўся толькі тады, калі празмерна напіваўся ці, калі злёгку працверазее. Былі дні, калі ён не піў, часцей у будні, і асабліва ў першую палову дня. У гэтыя дні ён паводзіў сябе ледзь цішэй і ласкавей, выбіраў словы. Па натуры сваёй Арцём быў гаваркім і назойлівым старым, і ў цвярозыя дні ён шукаў заспакаення ў зносінах, і ў той жа час, шукаў бутэлечку на вечар, прасіў грошай у доўг.