Пераслед мінулага - стр. 8
Праз кіламетры, пасля доўгай паездкі, трактар прыбыў у вёску. Кіроўца адразу ж з'ехаў з адзінай вясковай вуліцы і неахвотна пад'ехаў да першага цаглянага дома. Арцём спыніўся ля зялёных металічных веснічак, каля двара Лютага. Ён дастаў цыгарэту, закурыў і стаў назіраць, як пасажыр павольна пакідаў прычэп. Пасля паездкі, Юрый стомлена і акуратна спускаўся на мокрую зялёна-жоўтую траву. Галава крыху загудзела ад гучнай работы мотаблока і ад дарожнай трасяніны. Юрый Люты стаў перад кіроўцам, ледзь адцягнуў капюшон плашча назад, больш адкрыў свой спакойны твар і трохі паказаў кароткія цёмна-русыя валасы з сівізной, якія тырчалі з-пад тонкай сіняй шапкі. Падзьмуў лёгкі ветрык з імжакай і Юрый адчуў усю прахалоду восеньскага вечара. Галаўны шум прыціх, цела злёгку аздаравілася. Юрый трымаў сіні пакет, з якога тырчалі мастацкія тонкія пэндзлі, ён дастаў з кішэні ўсю дробязь, якая засталася пасля горада і працягнуў усе манеты Арцёму без усмешкі.
– Дзякуй, Ліс! – сказаў Юрый, застаючыся стаяць на месцы, чакаючы, што Арцём забярэ грошы і мотаблок адразу ж паедзе далей па вуліцы.
Арцём агледзеў аднавяскоўца глыбокім позіркам, агледзеў яго з галавы да ног. Моўчкі забраў грошы, а калі спыніў свае вочы на пакеце, то з цікавасцю спытаў:
– Што, зноў у горад з дурной думкай ездзіў?
– У горад! А што ж адразу, з дурной думкай? – усміхнуўся Юрый.
– Эх, не на тое ты грошы траціш! З тваёй ваеннай пенсіяй можна было б, ох як жыць. Здаліся табе гэтыя карціны! – з хрыпатой казаў Ліс, – Лепш бы сала купіў, бутэлечку да яе, ды ў госці мяне паклікаў. Пасядзелі б, як раней, як некалькі гадоў таму. О! Юрась, давай зараз да цябе зойдзем, вып'ем! Я ж з гасцінцамі, адразу з крамы. А закуску ў цябе знойдзем! Ай, ты не турбуйся, калі што, Караліна на цябе зла трымаць не будзе! – заглушыў рухавік Арцём і слез з трактара, узяўшы ў рукі адну бутэльку гарэлкі, – Давай добра правядзём час, пагаворым пра мінулае, каб лягчэй нам стала. Нам жа разам ёсць, пра што ўспомніць. Мы ж праз многае прайшлі. Дык што, можа, вып'ем? Давай!? У мяне ж усё з сабой! – смела падышоў да двара Ліс.
– Ведаю, што ў цябе з сабой. Бачу! Ды каб у цябе і не было… Хм! – усміхаючыся, з жартам адказаў Юрый, – Ты ўжо прабач, Арцём, але не, у мяне іншыя планы. Мне пісаць карціны трэба, вось і інструмент купіў. Трэба палотны дапісаць. Сын, калі прыедзе, забярэ ўсе карціны, на выставу адвязе. Ды яшчэ…
– Ой! Добра! Зразумела ўсё з табой! – нічога не хацеў слухаць Ліс, перабіваючы, незадаволена вярнуўся да трактара, – З табой кашы не зварыш! Пераконваць цябе не буду! Бывай!..