Размер шрифта
-
+

Пераслед мінулага - стр. 6

Раніцай, да задумы адправіцца ў Майсееўскую краму за "беленькай", Арцём Ліс наведаў сябра. Пятро Жук старанна абшукаў усе куты, але не знайшоў нічога ў бутэльках. Пуста. Тара збіралася ў асобным пакоі да лета і чакала, калі яе адвязуць у прыёмны пункт. У Пятра хованак не было. Жонка Арцёма змагалася з залежнасцю мужа да алкаголю і старалася ўгледзець за ім. Але як тут прасачыць, калі трэба займацца сваімі дамашнімі справамі. Караліна Ліс трымала пенсію мужа пры сабе і па магчымасці сачыла, чым быў заняты муж, замыкала гараж, калі сыходзіла далёка або з'язджала ў горад. Але ў гэты раз Арцём Ліс збудаваў хуткі і хітры план, мэтай якога было наведванне крамы. Ён паводзіў сябе як звычайна, хадзіў у хаце і шастаў па двары, не набліжаючыся да мотаблока. Арцём адшукваў шчыліны і, калі падгарнулася магчымасць, ён схадзіў да Пятра, але потым, расчараваны, вярнуўся і лёг на канапу перад тэлевізарам. Караліна прыбрала ў пакоях, затым папярэдзіла мужа, што ненадоўга адыдзе да сяброўкі, і выйшла з хаты. У Арцёма з'явіўся шанец не патрапіць на вочы жонцы, і ён, не раздумваючы, ім скарыстаўся. Арцём Ліс узяў свае схаваныя, назапашаныя грошы і паспяшыў да мэты. Мужчына з агнём у вачах выбіў мантыроўкай замок і расчыніў вароты гаража, выехаў на трактары з двара праз заднія вароты, да лесу. Уздоўж лесу, праехаўшы за дварамі і па палях, ён аб'ехаў вёску, і выехаў на жвіровую дарогу каля дома Лютага. А далей, Ліс з спакоем дабраўся да крамы.

У свае шэсцьдзесят два гады Арцём умела і без ніякага высілку кіраваў невялікім трактарам. Ён здалёк пазнаў постаць Юрыя Лютага па яго павольнай і асцярожнай паходцы – па такой разбітай дарозе з пратэзам спрытна не паходзіш!

Арцём Ліс пад'ехаў да аднавяскоўца, пакруціўся на мяккім сядзенні, якое было абцягнута чорным дэрмацінам, і павярнуўся да чалавека. Ён зрабіў апошнюю зацяжку, дасмаліў цыгарэту. Кіроўца быў апрануты ў аранжава-сіні плашч, які яму выдалі яшчэ падчас працы на чыгунцы. Пасля вайны, ён да пенсіі рабіў чыгуначнікам на станцыі недалёка ад вёскі. Арцём Ліс выпусціў цыгарэтны дым і строга зірнуў на Юрыя Лютага.

– Чуеш? Сядай! – крыкнуў Ліс, – Ну! Сядай, падкіну! – пачухаў ён кончык свайго вострага счырванелага носа.

Юрый Люты паглядзеў на Арцёма з-пад капюшона, які хаваў чорна-сівыя валасы і шырокі лоб.

– А, гэта ты?! – неяк не па-сапраўднаму, млявым голасам, здзіўлена вымавіў Люты і працягнуў руку.

Арцём Ліс прыняў поціск рукі, а затым кіслым няголеным тварам кіўнуў у бок прычэпа. Яго вялікія, як два пальцы, вусны, выкінулі цыгарэту ў бок. Нават пад дробным дажджом яны выглядалі сухімі. Невялікім рухам круглявай галавы Ліс паказваў земляку, каб той хутчэй пералез праз невысокі борт і сеў у прычэп. Кіроўцу хацелася выпіць, ды хутчэй, а марудлівасць Юрыя Лютага толькі раздражняла. Таму, у гэты момант Арцём нават незнарок падумаў: "Можа быць, лепш было б не спыняцца! Ды і што ўзяць з гэтага Юрася? З ім ні выпіць, ні закусіць! Непітушчым стаў, ох ужо гэты цвярознік!"

Страница 6