Нязніклыя - стр. 5
На адным дыханні, Паліна выпаўзла з ценю на ўчастак, дзе сонечнае святло асвятляла пыл, які падняўся над яе целам. Дзяўчына ўстала на ногі і з цяжкай галавой зрабіла некалькі крокаў, аддалілася ад цёмнай сцяны шэрых пясчынак. Сонца ўдарыла па вачах, павекі крыху апусціліся ўніз. Хоць Паліна і была напалоханая, але яна не адчувала панікі, яе дух быў загартаваны мінулымі сутычкамі з бязлітаснымі жывёламі. Яна нават не думала аб тым, мёртвы той вораг ці не. Адкінуўшы ў бок рукаятку біты, яна падабрала чырвоны кусок жалезнай трубкі, што ляжаў на дзіцячай пляцоўцы. Паліна гатовая была зноў абараняцца. Але было ўжо зусім ціха… Яе галаву асвяжыла галоўная думка а таямнічым чалавечым сілуэце, якога яна бачыла з вышыні. Ад таго, і сэрца завялося па-новаму. Дзяўчына не абабіла вопратку, не ачысцілася ад пылу, трэба было хутчэй рухацца да двухпавярховага будынка школы. Думка прыспешвала, прасіла жаданае. Без аглядкі, імчась па яркім плямам святла, Паліна хутка дасягнула мэты, падбегла да патрэбнага месца. Яна стаяла каля школы, што злёгку страціла сваю цэласнасць. Сцены былі выфарбаваныя ў цялесныя, светла-рудыя коляры, шыбы акон зніклі, на верхнім паверсе дзе-нідзе рассыпалася белая цэгла. На жаль, тут, побач, зусім нікога не было. Дзяўчына пакруціла галавой, затым пачала шукаць сляды на сухой шэрай паверхні. Паліна хвалявалася, злавалася на вецер, што лётаў унізе і псаваў усе неабходныя знакі. Злавалася і раздражнялася з-за таго, што не атрымала тое, чаго чакала. З'явіліся сумневы наконт цёмнага сілуэту. Дзяўчына прайшлася крыху далей да больш высокага белага будынку з ацалелым сінім дахам. «Магчыма, дзесьці тут…можа на гэтым месцы я бачыла яго, загадкавага чалавека?!» – яна пачала блытаць сама сябе. Але акрамя маленькіх ранніх пявучых птушак, што невысока лёталі і кружыліся побач, Паліна больш нікога не бачыла. «Можа мне здалося?!» – падумала яна, і незадаволена скрывіла твар, – «Ну не… Я не з'ехала з глузду! Куды ж ён мог сысці?»
Паліна схіліла галаву, працягвала аглядаць новае месца на наяўнасць хоць нейкіх слядоў. Меркавала: не сустрэнь звера на шляху, яна б паспела своечасова, без усялякіх праблем сустрэла б чалавека.
Змарнаваўшы трохі часу, Паліна выявіла ледзь прыкметныя адбіткі ад вялікіх падэшваў на шэрым пяску. Адчуўшы радасць і трапятанне, што яна стала бліжэй да незнаёмца, дзяўчына за гэтыя цяжкія тыдні ўпершыню ўсміхнулася, расцягнула свае пульхныя ружовыя вусны. Паліна яшчэ больш набыла надзею, што ёсць яшчэ такія ж, як яна, хто выжыў у гэтым горадзе. Дзяўчына пайшла па следзе, як паляўнічы за дзічынай. Ішла па буйных адбітках мужчынскіх чаравікоў, якія вывелі яе на цэнтральную вуліцу, на праспект Леніна. Шырокі прастор быў захламлены бруднымі аўтамабілямі, іх было так шмат, што не было вольнага месца нават на ходніках. Не адна з машын, што праглядалася Паліне, не была пашкоджана дзіўнай з'явай, якая павольна з’ядала горад. Ні фарба, ні гума колаў – зусім не змяніліся. Нават дзе-нідзе шкло заставалася цэлым і запыленым. Паліна ўжо бывала тут, але даўно, пару тыдняў таму яна перасякала гэтую вуліцу ў пошуках людскога жыцця, у часы, калі яна інтэнсіўна шукала мужа і дачку. Цяпер, ахапіўшы поглядам праспект, ёй здавалася, што ён заставаўся тым жа: спакойным, маркотным і шэрым. Ну, зразумела, акрамя чалавечых загадкавых слядоў, якія прывялі яе сюды і тут жа зніклі каля першай легкавой машыны. Але далей, Паліна ўбачыла след на капоце і на даху чырвонага аўтамабіля, што стаяў перад ёй. Яна залезла на дах гэтай маленькай машыны, затым па слядах прайшлася ў цэнтр шырокай вуліцы, ішла па дахах спячых легкавых аўтамабіляў. Дзяўчына баялася выдаваць голас, баялася вар'яцкіх жывёл, якія маглі б пачуць яе звонкі тон і акружыць з усіх ценявых бакоў.