Нязніклыя - стр. 4
Каля хвіліны яна тужліва пазірала на горад, як на змрочны архітэктурны жывапіс. Калі дзяўчына падумала пра тое, што пара б пакінуць пакой і, пара б было ўжо спусціцца ўніз, як тут, усялякія думкі зніклі з галавы. Халодныя дрыжыкі прабегліся па ўсім целе. На імгненне, Паліна застыла, як вада ў халодны люты месяц. Ад убачанага сілуэту ўдалечыні, дзяўчына забылася, як дыхаць. Там унізе, крыху далей школы, віднеўся чалавечы чорны сілуэт, які апускаў рукі і глядзеў уверх. Над ім лётаў нейкі аб'ект, нібы жвавы дарослы груган, які кружыўся, узлятаў і апускаўся. Паліна працерла вочы, пераканала сябе, што ёй гэта не сніцца і яе цела тут жа растала. Яна абудзіла ў сабе новыя думкі, жадала сустрэцца з чалавекам і адразу кінулася ачысціць праход. Матывацыя зрабіла яе значна мацнейшай. Вочы гарэлі надзеяй, што там унізе яе чакаюць. Хай незнаёмы і чужы, але ўсё ж такі чалавек. Маладая і моцная Паліна шумна адсоўвала ад дзвярэй стол і шафу, яна адчувала рэзкія перамены, уяўляла толькі добрае. Вырваўшыся з дзіцячага пакоя, дзяўчына хуткімі крокамі прабеглася па калідоры, выйшла з кватэры і спынілася на лесвічнай клетцы. Над яе галавой адкрылася блакітнае неба, па якім самотна, быццам карабель у акіяне, плыло белае воблака. «Дзіўна, як жа хутка, за ноч, зніклі верхнія паверхі гэтага будынку…» – трывожна падумала дзяўчына і зноў паскорыла свае крокі, пабегла ўніз. Гэта быў першы выпадак, калі ноч забрала адразу тры паверхі.
Паліна жвава спусцілася на першы паверх. З надзеяй, што яна не адна ў гэтым горадзе, і з хуткім біццём сэрца, дзяўчына выбегла на вуліцу, за жалезныя цёмныя дзверы пад'езда. Тут жа яе сустрэлі непрыемнасць, перашкода і небяспека. Паліну спыніў худы белы сабака, які выглядаў галодным і хваравітым. Рэдкія ўчасткі поўсці, як і светлая скура, былі бруднымі, вочы туманнымі, а белыя іклы, вострымі. І так, як прамое святло сонца было на другім баку дома, а на гэтым баку лёг халодны цень. Звер адчуваў сябе ў бяспецы. Правей ад пад'езда, у лёгкім змроку, адзінокі сабака вар'яцка скаліўся і да жудасці шалёна рыкаў. Яго востры нюх і добры слых сачылі за перамяшчэннем здабычы. Азвярэлая жывёла рыхтавалася накінуцца на Паліну. Белае святло раніцы злёгку асляпляла звера. А прамыя, небяспечныя для жывёлы прамяні сонца, якія маглі абараніць Паліну, ляглі ў некалькіх метрах ад высокага будынка, на дзіцячую пляцоўку. Дзяўчыне заставалася толькі дабегчы да прамога святла і драпежная жывёла адстане. Паліна мацней сціснула біту, круціла галавой, глядзела: то на звера, то на яркае святло цёплых прамянёў. Дыханне было не хуткім, маска злёгку замінала ўдыхнуць добра і багата вычышчанага ад пылу паветра. Паліна была гатовая бегчы, яна не магла ўпусціць той сілуэт, што стаяў за навучальнай установай. Але ці зможа яна выратавацца ўцёкамі? Дзяўчына сама не ў сілах была адказаць на гэтае пытанне. Трэба было паспрабаваць праверыць гэта. Як толькі сабака зрабіў павольны крок да Паліны, дзяўчына адразу ж рванула з усёй моцы да яркага святла. Сэрца загрукатала, як у зайца, які ірвануў на ўцёкі. Шэры шчыльны пыл пад нагамі, пад падэшвамі чорна-белых кедаў, імкліва падымаўся, з кожным крокам рос усё вышэй і вышэй, хутка падымаўся да ўзроўню каленяў. Паліна не азіралася, у гэтую хвіліну ёй здавалася, што яна паспее да цёплай, жоўтай плямы. Празрыстая маска на дзявочым твары зусім не пакрывалася знутры парай, але дрэнна фільтравала пыльнае паветра на бягу. Стала цяжэй дыхаць. Калі заставаўся ўсяго толькі крок да выратавання, дзяўчына адчула, як за шчыльную чорную тканіну яе нагавіц учапіліся сільныя сківіцы вар'яцкага звера. Паліна страціла хуткасць і раўнавагу, як ссечанае сцябло, яна ўпала перад самай мяжой святла. Цела моцна стукнулася аб тонкую паверхню сыпкага пяску, якая хавала пад сабой цвёрдую глебу. Падняўся пыл вакол дзяўчыны і сабакі. Паліна, не губляючы прытомнасць, не губляючы канцэнтрацыю сваіх думак, моцна, двума рукамі, трымалася за сваю біту. З-за шчыльнага пылу, яна не бачыла сабакі, але адчувала моцную хватку на левай калошы нагавіц. Тады, спалоханая дзяўчына з усёй сілы махнула прыладай, ударыла дубінай па галаве лютага звера. Ды так, што палка пераламалася на дзве часткі, пакінуўшы Паліне толькі рукаятку. Пырснула цёмная кроў ва ўсе бакі, сківіца вар'ята аслабла. І дзяўчына, у наступную секунду, нібы прабіраючыся праз пясчаную буру, слепа папаўзла наперад.