Размер шрифта
-
+

Нязніклыя - стр. 7

У душы дзяўчыны нарастала напружанне, яна насцярожана вадзіла вачыма.

Лёгкі вецер нязначна падымаў пыл, забруджваў толькі першы метр ад паверхні дарогі.

Незнаёмец, пагрузіўшыся ў кучу розных клапатлівых думак, стараўся не толькі сябе засцерагчы, але і зберагчы Паліну. Ён накінуў на левае плячо заплечнік, забіты кансервамі і адзеннем. Затым, ён узмахнуў свабоднай далонню, тым самым, паклікаў дзяўчыну да сябе. Утрымліваючыся ад слоў, хлопец працягваў пільна круціць галавой, халодным позіркам ён шукаў ворагаў за дзяўчынай і каля сябе.

Паліна з лёгкай трывогай зрабіла некалькі бясшумных крокаў у бок хлопца. Не супакоіўшыся, яна паспешліва думала: што цяпер усё змяніцца, што той незнаёмец апынецца добрым чалавекам, што цяпер будзе прасцей выжываць у змененым свеце. Гэтыя думкі хутка перагарнуліся, калі Паліна спынілася і адчула спалох. Застаючыся на невялікай адлегласці ад хлопца, яна пакруціла галавой, паглядзела крыху лявей незнаёмца. Нешта незразумелае імгненна прабеглася ўздоўж ходніка, каля шырокага будынка, за яго спіной. Цёмна-шэры цень, ростам з дарослага чалавека, страшна выслізнуў ад вачэй дзяўчыны і затаіўся дзесьці з боку. Паліна прыжмурылася, а затым вярнула вачам натуральную форму і кінула погляд на хлопца.

– Там. Там нешта ёсць, – у страху, хутка вымавіла яна, паказаўшы левай рукой у левы бок.

Дзяўчына пільна і спалохана шукала ў пыльным паветры невытлумачальнае.

Тады ж хлопец развярнуўся, рэзкім рухам накіраваў чорны пісталет у паказанае месца. Але паміж машын, за шэрай пясочнай бурай, нічога не разглядзець.

– Што ты ўбачыла? – спытаў ён цвёрдым тонам.

– Не ведаю, – разгублена адказала Паліна і крыху расслабіла сцісканне правай далоні з сваёй зброі.

Хлопец апусціў пісталет і хутка падышоў да яе. Яны стаялі адзін насупраць аднаго, на розных машынах, у цэнтры вуліцы. Ён пальцам левай далоні спусціў з твару чорны шалік. Перад ёй стаяў высокі, дужы, не надта прыгожы, але прыемны на твар малады чалавек. Яго невялікая шавялюра рудых валасоў хавалася пад чорнай кепкай. Пад брылём, пад тонкімі рудымі бровамі, глыбокія зялёна-жоўтыя вочы. На светлым твары роўны канапаты нос, тонкія вусны, дробнае шчацінне на круглявай барадзе.

– Прывітанне… – з хваляваннем, зноў вымавіла чарнявая дзяўчына. – Магчыма, мне здалося, што тут ёсць хтосьці яшчэ…

– Не здалося, – самаўпэўнена адказаў ён.

Хлопец не пераставаў аглядаць вуліцу, ён толькі раз зірнуў у цёмныя вочы незнаёмкі і, з асцярогай, спадзяваўся, не трапіць у нейкую новую пастку. У адрозненне ад Паліны, хлопец за апошнія цяжкія дні прайшоў па больш эмацыйным і складаным шляху, таму меў асцярожнасць ва ўсім.

Страница 7