Нязніклыя - стр. 9
– Так. Добра, – суха адказала Паліна.
Ён рэдка глядзеў на яе, часцей кідаў свой погляд на гарадскія шматпавярхоўкі, на цёмныя вуглы і маленькія віхуры гуляючага ветру. Адчуваў сябе, як уцякач.
Яны пайшлі далей. Абыйдучы адзін вуглавы дом, прайшоўшы праз двор, які быў пусты ад аўтамабіляў, яны выйшлі на дарогу. Перайшоўшы яе, хутка падышлі да кавярні, якая размяшчалася на першым паверсе пустуючай шматпавярхоўкі. Тут, у франтальнай частцы кавярні, былі раскіданыя сталы і крэслы, але сама тэраса ацалела. Каля ўваходных дзвярэй нізкарослыя туі схавалі свае зялёныя сукенкі пад шэрым пылам. Хлопец адчыніў белыя дзверы, не прапускаючы Паліну наперад і не ступіўшы за парог, ён прасунуў толькі галаву і агледзеў прастору. Тут не было свежых слядоў на тонкім пылу і, хлопец увайшоў унутр. Паліна пераступіла вулічнае меню і ўвайшла ўслед за ім.
Маленькае памяшканне было ўтульным: на сценах віселі люстэркі і карціны. Там жа, ля сцен, стаяла некалькі высокіх канструкцый з паліцамі, на якіх былі акуратна расстаўленыя розныя дробныя прадметы. На падлозе карычневыя канапы, белыя крэслы і драўляныя сталы – усё было на сваіх месцах. Лёгкі пыл атуліў спакоем усю кавярню. Тут не хапала толькі людзей: наведвальнікаў за сталом, ветлівых афіцыянтаў, жывых зносін, цеплыні жыцця. Паліна ўяўляла, як яшчэ месяц таму тут усё было інакш: як за дзвярыма шумеў горад, як шматлюдна мільгалі за шклом сілуэты.
Тады Паліна зачыніла ўваходныя дзверы, павярнула зашчапку. Яны знялі свае маскі, адкрылі твары. Хлопец павольна апусціў свае рэчы на канапу, так, каб не патрывожыць аселы пыл. Цяпер у яго было значна больш часу, каб пазнаёміцца з дзяўчынай, даведацца пра яе. Трохі пачырванелыя вочы Паліны і яе стомлены выгляд не псавалі ўсю прыгажосць яе мілага твару. Яна моргала чорнымі вейкамі, разгублена думала пра сваё, у яе было столькі пытанняў да незнаёмца, што яна заблыталася ў іх. Хлопец некалькі хвілін нясмела разглядаў дзяўчыну, а затым спакойна сказаў:
– Можаш ужо кінуць…
– Што?
– Сваю зброю. Яна відавочна будзе бескарысна супраць істоты.
– Ах, гэта, – яна зірнула на доўгую чырвоную трубку. – Я знайшла яе на дзіцячай пляцоўцы, калі разламала сваю біту аб галаву шалёнага хворага звера. І ведаеш, гэта зброя выдатна падыходзіць для барацьбы супраць дробных вар'яцкіх жывёл. Так што, я яе пакуль пакіну.
– Хм…добра. Мяне завуць Мікалай.
– Паліна.
– Ну, што ж Паліна… – сказаў рудавалосы хлопец і адышоў да століка, – Я ведаю, табе хочацца абмеркаваць шмат што, як і мне, але давай гэта перанясем на пазней, на іншы час. Пакінем усе важныя пытанні на потым. Добра? Мне трэба засяродзіцца, падумаць аб нашым выжыванні.