Нязніклыя - стр. 8
– Яно цябе не кранала? – спытаў ён.
– Што? Хто? – гаварыла яна з яшчэ большым хваляваннем.
– Істота.
– Ты пра сабаку? – выказала здагадку Паліна, гэтая дзіўная размова яе палохала.
– Якія яшчэ сабакі?! – нервова сказаў хлопец. – Істота, яна была тут, недзе вельмі блізка ад нас. Але зараз ужо ціха, не відаць і не чуваць яе.
Хлопец з большай упэўненасцю, што вакол іх няма нікога, падумваў аб тым, што пара б ужо вярнуцца дадому. Ён крыху супакоіўся. А вось Паліна заставалася ў тым жа напружаным стане, дзе думкі блыталіся наконт незнаёмца. Яна зноў вярнулася да развагі аб даверы. Бо перад ёй стаяў дзіўны, узброены чалавек, які не праяўляў да яе ніякай усмешкі і здзіўлення. Паводзіў сябе так, быццам сустрэча з чалавекам у змрочны час была для яго штодзённасцю. Яна не разумела яго. Але прыцягненне і вялікае жаданне пагаварыць з хлопцам, ішло процівагай усяму. Яны абодва на хвіліну задумаліся. А калі Паліна захацела нешта вымавіць, дык хлопец апярэдзіў яе.
– Ты адна? – хутка спытаўся ён.
Гледзячы ў яе карыя палахлівыя вочы, ён жадаў пачуць ад яе толькі сумленны адказ.
Паліна злёгку хлусліва ўсміхнулася, але затым адпусціла ўсмешку і трывожна сказала:
– Адна…
– Добра, – ён паверыў ёй і дадаў, – Ідзём. Пакуль істота не вярнулася. Потым будзем знаёміцца. Ідзі за мной.
Ціхенька і ўтойліва ён вярнуў пісталет назад, не хацеў больш палохаць дзяўчыну зброяй. Затым прыкрыў нос і рот тканінай, пайшоў па легкавых аўтамабілях за торбай, якую раней давялося пакінуць. Пасля спусціўся ўніз да ходніку, устаў ля шматпавярховага будынка. Паглядзеў на Паліну, падаў ёй руку і дапамог далікатнай дзяўчыне спусціцца.
– Ідзі за мной. Калі хочаш выратавацца, то не адставай. Ідзем, – сказаў ён і павярнуўся спіной да дзяўчыны.
Хлопец зрабіў пару крокаў наперад, затым павярнуўся.
Паліна заставалася стаяць на месцы, яна не пакідала пыльную прастору сярод мёртвых машын і дамоў. Не так яна ўяўляла гэтую сустрэчу. Яна насцярожана паглядала на незнаёмца.
– Ідзем жа! Нам трэба, як мага хутчэй, пакінуць праспект, – сказаў хлопец. – Ці я пайду без цябе!
Паліна не да канца разумела, ад каго і куды яны бягуць. А паводзіны хлопца выглядалі праўдзівымі. Больш за ўсё, дзяўчына баялася зноў застацца адной. Таму, ачысціўшы галаву ад усялякіх падазрэнняў, Паліна пайшла за ім.
Як па лабірынце, двое хутка прабіраліся па вуліцы віляючы ў транспартных перашкодах. І як толькі яны выйшлі са стоўпатварэння легкавых аўтамабіляў, хлопец вымавіў:
– Трэба перачакаць. Пераканацца, што нас не пераследуюць. Тут ёсць кавярня, непадалёк. Там адседзімся.