Нязніклыя - стр. 31
Паліна слухала хлопца і ніяк не магла ачуцца. Палохала ўсё: высокі рудавалосы хлопец насупраць, невядомая істота, дрэнныя думкі, змрочнае апавяданне, заблытаны відзеж.
– Але я, спадзяюся, што ты мне не хлусіш, – з нейкім відавочным папярэджаннем у голасе вымавіў Мікалай. – Не хачу, каб сітуацыя паўтарылася…
Дзяўчына адышла бліжэй да сабакі і вельмі спадзявалася, што з ёй не будзе так, як было з Уладзімірам.
– Ёсць! Ёсць кантакт з электрычнасцю! – радасна выклікнуў Мікалай, быццам казаў гэта Яшу, абыходзячы сяброўства з Палінай. – Запускаю рухавік!
Невялікі сабака хутка завіляў чорным хвастом, выбіваў пыл з мяккай спінкі чорнага крэсла.
Ціха загуў чыгуначны транспарт, затрашчалі токапрыёмнікі ад бадзёрага дотыку да кантактнага провада. Загарэлася табло ў вагонах з надпісам: «Гомель – Мінск». Павольна, як вусень, наперад заварушыліся вагоны. Спачатку, Мікалай не спяшаўся да мэты, але крыху пачакаўшы, дадаў хуткасці транспарту, жадаючы хутчэй пакінуць горад. Але так, як шкла не было ні на адным з вокнаў, прахалоднае паветра ўрывалася і прасочвалася скрозь адкрытыя месцы, высока паднімаўся пыл, не дазваляючы камфортна глядзець па баках. Тады хлопец запаволіў ход электрычкі і дастаў з свайго заплечніка пару ахоўных акуляраў. Ён падзяліўся з Палінай, загадаў іх хутка надзець.
Транспарт каціўся па горадзе, які быў падобны да горада ў час вайны. Лета нібыта было толькі на календары, а не на вуліцах. Шэра-чорныя будынкі прабягалі каля іх, яркія фарбы страцілі сваю прывабнасць, увесь змрочны выгляд наводзіў сум, а ў душы не сціхала нуда па мінулым жыцці. За вокнамі ўсё згасала. Праязджаючы пад аслабелым мастом і гледзячы на кінуты горад, Паліне здавалася, што дастаткова яшчэ пару тыдняў і Гомель зусім знікне. Застануцца толькі горы пяску, попелу і пылу. Ну а пакуль, дзе-нідзе гулялі маленькія тарнада. Лёталі птушкі над дрэвамі, садзіліся на галінкі, аббівалі пыл, надавалі сапраўдную зялёную афарбоўку лістоце – змагаліся і прыстасоўваліся да новых рэальнасцяў.
Паліна адцягнулася ад дарогі, глядзела ў бок на невялікую колькасць чорных птушак і быццам казала ім: «Адлятайце, адлятайце ў іншыя краі!» Яна як бы клікала іх з сабой. З цяжкай душой, думала аб тым, каб яе родныя былі зараз з ёй. І адразу, справа, нібы зусім побач, Паліна пачула гучны крык крумкача і здрыганулася. Яна павярнула галаву на Мікалая. Але замест яго яна ўбачыла істоту, якая стаяла ў ірваным адзенні хлопца. Плячыстае цела вяло машыну па рэйках і глядзела наперад. А калі павярнула галаву на дзяўчыну, паказала ёй свой пачварны бела-блакітны твар. Паліна спалохана задрыжала на месцы, затым зрабіла маленькі хуткі крок назад, жадаючы прыціснуцца да сценкі, але замест рэчаіснасці, яна ўпала ў чорную прорву. Ляцела ўніз у цемру, як апалы чырвона-жоўты кляновы ліст. Перад яе вачыма куляй праляталі каляровыя фрагменты. У наступную хвіліну пачуўся самотны пранізлівы крык чорнага крумкача, і дзяўчына мякка ўпала на чыгунку. Яна не адчувала болю, толькі страх і паніку. На бетонных шпалах ляжала дзіцячая цацка яе дачкі: белае медзведзяня з чорным носікам і чорнымі кропкамі вачэй. Паліна падабрала мяккую цацку і ўстала на ногі. Падняўшы галаву наперад, перад ёй з’явілася знаёмая электрычка, тая самая, якой кіраваў Мікалай. Састаў нёсся на яе з вялікай хуткасцю. Паліна вельмі выразна ўбачыла ў кабіне Мікалая, а побач з ім сваю трохгадовую дачку Марыю, якая стаяла на мяккім крэсле машыніста. Пасля чаго, за адзін момант, электрычка ўрэзалася ў Паліну і дзяўчына птушкай закружыла над зямлёй. Яна з вышыні назірала, як пасля сустрэчы з ёй, вагоны пачалі з’язджаць з рэек, нібы чыгуначны састаў урэзаўся ў тоўстую, магутную сцяну і разляцеўся па баках. Пасля чаго падняўся чорны дым над усёй аварыйнай часткай чыгункі, ён сабой схаваў катастрофу, а з дыму ўзляцелі чырвоныя істоты, якія шалёна, накінуліся на Паліну. Яна тут жа вярнулася ў рэальнасць.