Размер шрифта
-
+

Пераслед мінулага - стр. 14

– І ты заходзь, – праводзіў Юрый.

Янчанка абуўся, выйшаў на ганак, накінуў лёгкі плашч і спусціўся ў двор.

– Вецер падняўся… – спакойна, сабе пад нос, ціха вымавіў ён.

Юрый Люты спыніўся на верандзе. Ён не выходзіў на ганак, стаяў ля адчыненых дзвярэй. Мужчына трохі разгледзеў свой двор, затым кінуў кароткі погляд на цёмнае неба і адчуў восень. Парывы ветру аддзялялі дробныя кропелькі дажджу ад буйных, імжа разляталася ў бакі. Часцінкі вады даляталі да цела Юрыя і пяшчотна ўрэзаліся ў яго адкрытыя ўчасткі цела. Люты адчуў новы прыліў сіл. Пасля стомнай паездкі, яму ўжо не хацелася легчы на мяккі ложак, з'явілася жаданне выйсці пад дождж і хутчэй накарміць сваіх галодных кур. Ён хутка насунуў галёшы, цяжка вярнуў на цела плашч, схаваў галаву капюшонам і выйшаў пад неба, якое, як мора, хутка плыло з-за ўплыву гуллівага ветру.

Дзмітрый Янчанка тым часам выйшаў з двара і чамусьці спыніўся. Ён ужо быў на краі дарогі, але надыходзячы шум прымусіў яго адысці ў бок. Па нешырокай жвіровай вуліцы перад Дзмітрыем ціха праехала чырвона-белая машына хуткай дапамогі. Здавалася, што транспарт дзе-небудзь, ды і ўгразне, але дасведчаны кіроўца спраўляўся з няпростай дарогай. Ён ужо бываў тут і ведаў, дзе і як лепш праехаць.

Юрый падышоў да веснічак і спытаў:

– Да каго гэта?

Дзмітрый павярнуўся да сябра.

– Ну, у нашай вёсцы ўжо ўсе ў гадах! – адказаў ён.

– Ага. Можа, зноўку да Валянціны? – ціха спытаў Юрый, не адводзячы блакітных вачэй ад спалоханага погляду Дзмітрыя.

– Што? – гучна перапытаў Янчанка.

– Кажу, можа, зноўку да Валянціны! Ангеліна вымерала ціск, і Валянціна запанікавала. Вось не вымярала б, дык жыла б спакойна.

– А калі…нехта памёр?!.. – спытаў Янчанка.

– Не мялі, Дзмітрый! Не дай Бог! У вёсцы і так усіх па пальцах можна пералічыць.

– Валянціна ўжо старэнькая, ёй больш нашага… Пайду, разведаю. Калі нешта дрэннае… Патэлефаную табе. Можа, і праўда, у Валянціны ціск! – сказаў Дзмітрый і, як пінгвін, пакрочыў да свайго дому.

Юрый Люты, развітаўшыся з сябрам, пакарміў жывёл і вярнуўся ў дом. Ён хацеў зняць пратэз і прылегчы на ложак, каб адпачыць пасля насычанага дня, але спачатку ён вырашыў патэлефанаваць сваёй стрыечнай сястры Юліі, якая жыла крыху далей па вуліцы. У гэты вечар Юрый занерваваўся, яму хацелася даведацца, ці не прыязджалі ўрачы да яе ці, можа быць, хтосьці з яе суседзяў выклікаў хуткую дапамогу. Юлія Абрамоўская хутка адказала на званок брата. Яна супакоіла ўсхваляванага Юрыя, сказаўшы, што нічога не чула пра бел-чырвоную машыну. Стала зразумела, што машына паехала далей па вуліцы. Пасля размовы пра ўрачоў і ад стомы, у галаве Юрыя з'явіліся сумныя думкі. Ён выпіў адну таблетку і, разважаючы пра адзіноту, паставіў рондаль з вадой на агонь і сеў на крэсла. Яго турбавала, што Дзмітрый Янчанка зноў не спытаў пра яго творчае захапленне. Адзіны сябар проста не цікавіўся тым, што было так важна для Юрыя. Люты адчуў сябе пакінутым, самотным. Сёння, з'яжджаючы ў горад з карцінай, якую ён сам напісаў, Юрый вярнуўся дадому без яе. Ён прадаў карціну, двайную экспазіцыю, якую ён скончыў яшчэ ў чэрвені. Той змрочны жывапіс пра вайну і жыццё, які ўчора хваліў Янчанка, калі прыходзіў да Юрыя і прасіў купіць яму запчастку на аўтамабіль. Тады ж Дзмітрый выдаў пару слоў пра карціну, магчыма, з ветлівасці, магчыма, яму сапраўды яна спадабалася, Юрый не ведаў дакладна. А сёння ўвечары Дзмітрый нават не ўспомніў пра карціну, не спытаў, прадаў яе Юрый ці не.

Страница 14