Размер шрифта
-
+

Пераслед мінулага - стр. 13

– Я глядзеў прагноз надвор'я: заўтра і паслязаўтра дажджоў не чакаецца. Будзе пахмурна. Але потым зноў пойдуць дажджы. Усё, Юрась, пара ўжо забыцца пра цёплыя дзянькі. "Бабіна лета" прайшло, а за ім прыйшла пара рыхтавацца да зімы. Праз месяц можа пайсці снег… Я ўчора бачыў у навінах, што праз моцныя дажджы ўскраіны заходніх гарадоў затапіла. А яны ж вышэй за нас жывуць. Хоць бы ў нас вада не паднялася. Добра, у цябе вада з двара сыходзіць у лес, а ў мяне ўчастак размешчаны ніжэй. Будзе добра, калі мароз прыйдзе або снегам усё засыпле, а што, калі зіма будзе не зіма? Успомні, як было летась! Вада стаяла на ўвесь агарод і вакол двара разлілася! У лепшым выпадку, мы зноў будзе саджаць бульбу ў канцы траўня! Не, няхай ужо зіма будзе ранняй.

– Дык твой сын жа прыязджаў, рабіў табе нейкі дрэнаж. Ты ж мне паказваў, выхваляўся… Ці я нешта блытаю?

– Так, ён зрабіў. Але, на жаль, не так, як трэба. З-за невялікіх дажджоў вада не сыходзіць, збіраецца і стаіць на месцы. Ты ж ведаеш яго, ён не слухае мяне. Усё па-свойму хоча рабіць. Калі ён зноў прыедзе, я скажу яму перарабіць, каб гэтым разам было так, як я б хацеў. А то, як нейкі халтуршчык, на хуткую руку ўсё. Я казаў яму, трэба капаць вышэй. Баюся, што калі сын не прыедзе, калі пойдуць доўгія і буйныя дажджы, то я зноўку паплыву. Але ён абяцаў прыехаць.

– Што ж, нічога пакуль не зробіш… Вось, трымай! Твой заказ, – Юрый падаў Дзмітрыю кардонную скрыначку, – Усё правільна купіў, гэта тое, што ты прасіў?

Апошняе, што Юрый дастаў з пакета, была маленькая шэрая скрыначка, усярэдзіне якой ляжала запчастка для аўтамабіля. Юрый перадаў пакупку Дзмітрыю і дадаў чэк. Затым ён накарміў ката і вярнуўся да сябра.

– Так, выдатна! – сказаў Дзмітрый, – Тое, што трэба. Добра, што ты сёння з'ездзіў у горад. А то б прыйшлося Галіну прасіць, каб яна забегла ў краму аўтазапчастак пасля працы. Усё роўна ж нейкі час яна чакае аўтобус, сядзіць на аўтавакзале. Але ты ж ведаеш яе, калі купіць яна яшчэ не тое, што трэба, я буду яшчэ вінаваты. І думай потым, як машыну чыніць… А заўтра, дзякуючы табе, я ўжо сваім ходам паеду на работу. А грошы я заўтра ўвечар табе занясу, – казаў Дзмітрый, разглядаючы лічбы на тонкай паперцы зялёнымі вачамі.

Дзмітрый Янчанка паклаў скрыначку ў кішэню, устаў з крэсла. Яму вельмі захацелася ў гараж, да машыны, і таму ён дадаў:

– Ох, дзякуй табе, Юрась. Пайду я ўжо. І табе, мабыць, пара ісці карміць сваіх птушак. А я пабег, а то жонка будзе шукаць мяне, калі я затрымаюся ў цябе. Сказаў ёй, што ненадоўга да цябе. А то падумае, што я Арцёма сустрэў, ды з ім распіваю, – успомніў Дзмітрый адзін такі выпадак, – А яно мне трэба? Зараз галоўнае, мне за вечар машыну адрамантаваць, – выйшаў ён у калідор, – У суботу, можа, унукаў пабачу. Сын жа мой "Джыпа" купіў, так хоча прывезці ўсю сваю сям'ю. Цяпер яму будзе прасцей праехаць па гэтай нашай дарозе-кашы. Так што, заходзь у суботу ў госці, пагаворым. Што ты ўсё дома сядзіш? Добра, ну, я пайшоў, машына мяне чакае, жонка хвалюецца. Яшчэ раз дзякуй за дапамогу! Я сур'ёзна, ты заходзь у госці. Ты ж ведаеш, дзе я жыву, не заблудзішся, – усміхаючыся, Дзмітрый Янчанка пайшоў да дзвярэй.

Страница 13