Пераслед мінулага - стр. 2
Юрый Люты глядзеў толькі наперад і, у такія моманты бяздушнага атачэння, ён патроху аддаляўся ад рэальнасці. Пры адзінокіх шпацырах, дарослы мужчына любіў пагрузіць галаву ў складаныя думкі, але з-за гэтага ўсё больш з памяці выбіраліся глыбокія ўспаміны. Пражытае нібы туманам адганяла яго ад разваг і прымушала зноўку адчуць нялёгкія моманты. Вось і сёння, у бязлюдным месцы Юрый пачаў разважаць аб непрыемных абставінах надвор'я. Разважаў і ўяўляў над тым, што ж магло стаць з яго вёскай, з усімі яе жыхарамі, калі б пражытая ім вайна прайшла па-іншым сцэнарыі або зусім, не пачалася. Быў бы зараз пасёлак усё тым жа вялікім і квітнеючым ці ўсё роўна ўсё скацілася ў маленькую вёсачку? Ці працягвала існаваць прамысловая гаспадарка па зборы брусніц і журавін? Ці засталіся дагледжанымі дрэнажныя канавы пры фермеры? Юрый Люты сумаваў па сваёй маладосці, па сям'і. Ён хацеў вярнуцца ў той перадваенны час, у часы, калі яго жыццё было поўнае жыццёвымі справамі і блізкімі людзьмі. І, абдумваючы пастаўленыя пытанні, ён міжволі каціўся ад мірных успамінаў да жудасных ваенных дзён, а ад іх да свайго сапраўднага жыцця, да таго, хто ён ёсць цяпер. Такім чынам, разбіраючы сваё сапраўднае, Юрый разумеў, што ўжо перастаў баяцца смерці. Прынамсі, яму так здавалася, калі яго думкі былі паглынутыя цяжкімі ўспамінамі.
Прайшоўшы ўсяго адзін кіламетр няроўнай дарогі, Юрый Люты спахапіўся ў прахалодным вечары. За яго вузкай спінай раптам загрукатаў рухавік мотаблока. Гэты непрадказальны трактарны шум, як галодны кот выскачыўшы на мыш, імгненна спалохаў і адцягнуў Лютага ад задуменнасці.
Адразу, на Юрыя напала небяспека мінулага. На некалькі секунд яго адкінула назад, туды, у далёкія ўспаміны аб жудаснай і крывавай вайне. Як пры трэнні серы на запалцы, успыхнула непрыемная карціна, і абудзіліся ў мужчыне ваенныя дні, ажылі галасы бою, памяць паказала нямыя твары варожых салдат.
Гукі трактара падштурхнулі Юрыя Лютага ўспомніць жудасны момант вайны, які пазбавіў яго магчымасці змагацца з ворагам на перадавой. Гэта было ў вясновы дзень, які пачаўся даволі напружана. На вайне не бывае спакойных дзён, калі можна б было ціхамірна думаць пра будучыню, бо ў грудзях бесперапынна жыла трывога. Па загадзе ўся штурмавая група, у якой знаходзіўся сяржант Люты, пачала атаку на замацаваныя пазіцыі акупантаў. У той жа час наперадзе і ззаду гулі рухавікі баявых машын, трашчалі кулямёты прыкрываючых бронемашын, стракаталі гусеніцы, грукаталі гарматы танкаў. Тэхніка добра абараняла агнём усю сваю смелую штурмавую пяхоту. Салдат Люты пільна, крок за крокам, ішоў наперад. Затым ён з невялікай групай аддзяліўся ад асноўнага злучэння, атрымліваючы асобныя загады, задачы і мэты. Юрый Люты ішоў першым у змейцы, уздоўж поля. Па камандзе адважнага і дасведчанага старшага лейтэнанта, ён разам з салдатамі збочыў углыб, у невялікую паласу знявечанага зялёнага лесу. Вялікія і малыя дрэвы, якія падзялілі сабой квадратныя палі, парадзелі ад бітваў. Зялёныя кусты і свежыя ссечаныя галінкі маскіравалі, хавалі сабой ворага. Сяржант Люты падыходзіў усё бліжэй да варожых пазіцый, і тым самым, зямлянкі і доўгія акопы ворага ажывалі, сустракаючы яго аўтаматнымі чэргамі. Кулі свісталі страхам і смерцю, адсякаючы на сваім шляху тонкія галінкі, нібы вастрыём ляза, працягваючы адважна ляцець наперад. Ад тоўстых ствалоў адляталі драўняныя трэскі, і, нягледзячы на гэта, шырокія бярозы ўсё ж лавілі і прымалі на сябе варожыя кулі, прыкрывалі сваіх салдат.