Нязніклыя - стр. 27
Калі яны падышлі да чыгуначнага вакзала, было падазрона ціха. Шырокі галоўны будынак, з ледзь пацёртым дахам, амаль не прапускаў сонечнае святло ўнутр, схаваў унутры сябе ўсе памяшканні ў халоднай цені. Іншыя будынкі, якія знаходзіліся побач, адкідалі адлюстраванне цемры і не давалі прамога сонечнага бяспечнага праходу паміж імі. У цені, у будынках або каля іх, маглі папросту хавацца драпежнікі або тыя, каго больш баяўся Мікалай, тыя каго яшчэ не сустракала Паліна – істоты. Было відавочным рашэннем хлопца не праходзіць па падземным пераходзе да чыгункі. А таксама, небяспечна было прабірацца па версе, па высокіх лесвіцах, якія злёгку сцерлі свае вострыя вуглы. Менавіта цяпер Паліна перастала адчуваць нейкую лёгкасць, прыгнятальная абстаноўка прывяла да хвалявання. Яны абышлі вакзал з левага боку, выйшлі на першую платформу.
На чыгунцы тоўпіліся вагоны: грузавыя і пасажырскія. Злева, ля пераходнага моста, на чыгунцы бязладна адпачывалі перакуленыя цэлыя саставы. Сутыкнуўшыся адзін з адным, яны перамяшаліся, збілі амаль усе слупы, якія трымалі правады. Уся куча была накрытая пяском, нібы шэрым попелам, і ўсё гэта непрыемна глядзелася ў нежывых танах. А вось з правага боку было значна чысцей, прыстойней. Вагоны стаялі смірна пад блакітным небам. Два сумных дызельных састава на далёкіх пуцях і адзін электрычны састаў, што быў бліжэй да вакзала, на другім пуці. Гэты транспарт ужо даўно нікуды не спяшаўся.
– Вось ён… Ацалеў, – ціха прашаптаў Мікалай. – Я за ім даўно назіраю.
Двое глядзелі на шэра-чырвоны састаў электрычкі, над якім віселі непашкоджаныя правады. Затым, ад спалоху, яны паглядзелі ў бок вакзала. Дадатковы груз трывогі, да, да таго не спакойным чалавечым сэрцам, надаў раптоўны шум крылаў дробных чырвоных стварэнняў, што зграяй падняліся высока над вакзалам.
– Пойдзем… – сказаў хлопец і працягнуў Паліне руку.
Дзяўчына ўзялася за яго левую далонь. Яны ступілі на першыя засыпаныя пуці, якія асвятляліся прамымі сонечнымі прамянямі. Ішлі цяжка. Абутак патанаў. Ногі, амаль да каленяў, хаваліся ў масе сыпкіх пясчынак бетону. Ішлі як зімой па высокім мяккім снезе. Мікалай моцна трымаў дзяўчыну за цёплую далонь, дапамагаў ёй не ўпасці. Пад нагамі яны адчувалі: то рэйкі, то шпалы, то дробныя камяні. Хоць вакол не было чуваць нейкіх звяроў, істот, і ўсё ж, яны не рызыкнулі падысці да транспарту праз ценявую частку, з боку вакзала.
Усе дзверы чатырох вагонаў былі зачыненыя, шкла зусім не было.
Падышоўшы да першага ад іх вагона, Мікалай зняў з сябе заплечнік і кінуў яго праз акно, затым зняў са спіны сумку-пераноску з сабакам і перадаў яе Паліне. Дзяўчына адчула вялікі цяжар, цярпела боль у руках. Мікалай хутка ўзлез унутр вагона праз шырокае акно, а затым падаў руку дзяўчыне. Падняў спачатку Яшу, затым пацягнуў да сябе Паліну. Унутры шэрага вагона было ціха, амаль не страшна. Слядоў ад прысутнасці жывых буйных арганізмаў тут не было. На некаторых пасажырскіх месцах было не занадта пыльна і можна было разгледзець зялёны колер крэслаў. Да таго ж, шмат розных прадметаў ляжала ў цэнтры, у калідоры: часопісы, жаночыя сумачкі, чамаданы, тэлефоны, акуляры.