Нязніклыя - стр. 26
– Слухаюся, камандзір, – хітра ўсміхнулася яна.
– Добра, ідзем ужо…але строга па плане, – настойваў Мікалай.
– Мг, – добрая ўсмешка не пакідала яе вуснаў. – Адчыняй ужо.
«Будзе цяжка!» – падумаў ён і адвёў вочы. Адчыніў, расхінуў дзверы.
Двое ступілі на вельмі дробны шэры пясок.
V
Раніца была зацішная, бясхмарная, цёплая. Пыл спакойна ляжаў унізе, нібы яшчэ не прачнуўся, а працягваў ціха спаць. Вялікія шэрыя пяшчаныя насыпы яшчэ больш накрылі сабой увесь праспект пасля ўчорашняй буры. Зусім не відаць колаў машын, салоны поўныя ўсякім здробненым смеццем. Усё што перашкаджала ветру вольна гуляць па горадзе, сабрала перад сабой масу дробнага сухога пяску. Быццам, як зімой, пранеслася снежная завіруха і загнала снежную пудру ва ўсе вуглы. За мінулую ноч высокія будынкі зусім не змяніліся, яшчэ больш не сцерліся, усё гэтак жа, як і ўчора, стаялі без дахаў або верхніх паверхаў. Ні на сантыметр не зменшыліся.
Мікалай першым ступіў на мяккую паверхню, якая ад кожнага яго кроку абуджалася. Падымаліся і забаўляліся парушынкі, а пасля хутка асядалі. Хлопец неспакойна азіраўся, кідаў пільны погляд па баках. За ім упэўнена ішла Паліна, якая падымала пыл усё вышэй, да сваіх каленяў. Яе чорныя кеды з белымі палосамі і новыя цёмна-зялёныя мужчынскія нагавіцы, якія дзяўчына знайшла ў часовым доме Мікалая, хаваліся ў гарэзлівым роі пясчынак. Свае халодныя пальцы рук Паліна схавала ў кішэні сіняй кофты. З больш спакойным пачуццём яна глядзела на горад, на раскіданыя жоўтыя плямы ранішняга сонца. Усё вакол грэлася. Дзяўчына прыемна прымала прамяні і думала толькі пра бяспечны шлях. Побач не было тых цёмных ценяў, па якіх маглі блукаць вар'яцкія звяры. Падумаўшы пра гэта, Паліна паглядала на Яшу, які бесклапотна сядзеў за спіной Мікалая. Чорны сабака не вадзіў носам, толькі прыжмурваў вочы, быццам збіраўся заснуць.
Яны ішлі да чыгункі па апусцелай вуліцы. Усю дарогу маўчалі. Кожны думаў аб сваім. Праходзячы міма палаца культуры, Паліна кінула свой погляд на ацалелыя калоны ля ўваходу, прыўзняла вочы і паглядзела на іх самы верх, як яны яшчэ моцна трымаліся за апошнюю бэльку даху. Пасля чаго вярнула свае вочы на Мікалая. А хлопец, трывожна ішоў наперад, ён зусім не звяртаў увагі на прыгожы будынак, не ўспамінаў той выпадак з падзеннем адной калоны. Ён толькі пачухаў канапаты нос і працягваў у думках разважаць над тым, што чакае іх наперадзе. Але калі б Мікалай хоць на секунду адвёў вочы на палац, і ўбачыў, што ўсе калоны роўна стаяць перад ім, гэта б яго трохі напалохала. Закінула б яму ў галаву яшчэ некалькі пытанняў, на якія ён не адразу б змог адказаць.