Размер шрифта
-
+

Пераслед мінулага - стр. 25

– Ты, даруй мне, за пацалунак, – загаварыў Аляксандр спакойным тонам.

– Давай забудзем… – адказала Юлія, адчуваючы слабасць да хлопца.

– Ты мне падабаешся, і я…

– Ты сёлета выйграў гонку, стаў чэмпіёнам? – хутка памяняла тэму дзяўчына, зрабіўшы выгляд, быццам не чула яго слоў.

Аляксандр падхапіў гэтую тэму і пачаў расказваць пра свае спартыўныя дасягненні.

Юлія ўсміхалася. Яна заўважала, як радасна і закахана глядзеў на яе Аляксандр, як усё бліжэй ён прыціскаўся да яе. Яна прыкідвалася, быццам сляпая на яго пачуцці.

– Я сёння з'язджаю, – раптам вымавіла Юлія, думаючы, што яе ад'езд скіне ўвесь цяжар думак.

Дзяўчына яшчэ ўчора, пасля пацалунку, вырашылася на спантанны ад'езд.

– Сёння? – устрывожана спытаў Аляксандр, – Мама казала, што ты застанешся да аўторка. Думаў, мы пашпацыруем сёння. Нешта здарылася?

– Усё добра. Проста планы змяніліся. А ты калі з'язджаеш?

Аляксандр планаваў з'ехаць разам з ёй у аўторак, але цяпер, калі ўсё змянілася, ён наўмысна схлусіў:

– І я сёння. Хочаш, цябе падвязу? Як раз адной дарогай. Навошта табе на аўтобусе познім вечарам ехаць, калі ёсць аўтамабіль? На аўтобусе нязручна, цяжка. Са мной будзе зручна, камфортна і хутка. Сумкі не прыйдзецца цягнуць. Я ж ведаю, як пра нас бацькі клапоцяцца… Загрузяць цэлы багажнік.

– Сумкі, так. Матуля вунь, хоча, каб я палову ўраджаю вывезла… Дзякуй, але я сёння не на аўтобусе, за мной прыедуць… – неяк ціха, неахвотна, сказала апошнія словы Юлія.

Яна не хацела хваляваць Аляксандра, таму што адчувала цягу да яго, не змагла адкінуць пачуцці. Увесь гэты час Юлія маўчала, што ў яе ўжо ёсць каханы малады чалавек.

– Вось-вось машына пад'едзе, – ціхім голасам вымавіла дзяўчына, – Я выйшла яе сустрэць.

– Зразумеў… А хто за табой прыедзе? Можа, з торбамі дапамагчы? Я магу іх пагрузіць.

Юлія моўчкі паглядзела на Аляксандра, ды так паглядзела, што ў яе поглядзе было нешта такое, што выклікала ў Аляксандра жаданне зноўку яе пацалаваць. Яна прадчувала, што гэта вось-вось здарыцца, і нават не спрабавала гэта спыніць, а, наадварот, застыла на месцы, чакаючы прыемнага дотыку. І калі б не гучны голас з боку, Аляксандр бы пацалаваў Юлію, дакрануўся бы да яе вуснаў.

– Вось ты дзе! – крыкнула Васіліса Лебедзева, маці Аляксандра.

Юлія хутка адвярнулася ад хлопца і апусціла вочы ўніз.

– Сыходзь… – ціха сказала яна.

Са свайго двара выйшла пышная жанчына Васіліса Лебедзева. Яна стала каля куста каліны, што рос каля яе плота, паклала рукі на пояс і, нахмурыўшыся, паглядзела на свайго ўсмешлівага старэйшага сына са словамі:

– Вось ты дзе! Зноў ён тут?! Ідзі дапамажы хвораму бацьку дровы скласці. А то ж, сядзіць ён тут! Аляксандр! Чуеш? Бацька не дачакаўся цябе, ды сам пайшоў працаваць, што б я яму не казала. Упарты! Сына, адстань ты ўжо ад Юліі! У яе ж жаніх ёсць. Ідзі, лепш, папрацуй! – прыкрыкнула маці.

Страница 25