Пераслед мінулага - стр. 20
– Ну… Дзе ж яна? – міжволі вырвалася з тонкіх вуснаў Дзмітрыя, ён зноў паглядзеў на гадзіннік.
Яму здавалася, што сонца стала ярчэй прабівацца скрозь лес, паднялося нашмат вышэй. Трапятала сэрца, згасала надзея на своечасовы ад'езд.
Дзмітрый адчуваў раздражненне і незадаволенасць, а Юрый Люты адчуў незразумелую трывогу і смуту гэтай раніцы. Мужчыны стаялі тварам да дома, кожны думаў пра сваё. Яны зусім не чулі, як ззаду набліжаліся асцярожныя крокі Лебедзева.
– Ёлкі-палкі. Зноў? – загучаў тонкі голас Аляксандра Лебедзева, – Зноў Галіна збіраецца, як на спатканне? – з нейкай іроніяй вымавіў ён і пачухаў далонню сівое кароткае шчацінне.
Янчанка і Люты хутка павярнуліся на знаёмы голас і працягнулі аднавяскоўцу правую руку для вітання.
Да іх падышоў шасцідзесяцішасцігадовы Аляксандр Лебедзеў, невысокі мужчына з шэрай кепкай на лысай галаве. Круглая галава кіўнула, тонкі выцягнуты нос засіпеў, а хвалістыя вусны расцягнуліся ад усмешкі. Цела Лебедзева выглядала спартыўным, як у дарослых спартсменаў па лёгкай атлетыцы, і, нягледзячы на свой узрост, мужчына працягваў займацца спортам. Амаль кожную раніцу ён апранаў спартыўны цёмна-сіні касцюм, шэрыя красоўкі, кепку і выходзіў на вуліцу. Жыў ён недалёка ад сям'і Янчанкі, правей ад іх, праз адну хату. Іх агульная суседка, Юлія Абрамоўская, яшчэ спала, на вокнах былі зашмаргнутыя шторы.
– Ну што ты, Аляксандр? – загаварыў Юрый Люты.
– Хаджу, блукаю, як малады. Жанчыну шукаю для жаніцьбы! – з жартам адказаў Лебедзеў, а затым кіўнуў у бок хаты Юліі Абрамоўскай, – Мабыць, яна яшчэ спіць.
Да размовы далучыўся Дзмітрый Янчанка:
– Дык то, у горад табе трэба. Там жанчын хапае, ды паболей, чым тут будзе. Ёсць і ва ўзросце спартсменкі… Па выхадных будзеш з імі ў парку фінскай хадой займацца. Там і жонку знойдзеш! А ты што, яшчэ не пагадзіўся на пераезд?
– Пачакай! Ты гэта пра што? – усміхаючыся, спытаў Аляксандр Лебедзеў, – Ніхто не прапаноўваў мне пераязджаць. Не разумею. Дарэчы, мне і тут добра.
– Як жа?! Не чуў, ці што, што новыя кватэры даюць? Прапануюць вясковым перасяленцам добрыя ўмовы. Нейкая там праграма ў іх…
– Здаўся мне гэты горад. Пажылі! Ведаем! – усклікнуў Аляксандр, – Цяпер мая душа спакою просіць. А калі што, магу ў гасцініцы пару дзён пагасціць, паглядзець на шумны горад. А жанчыны гарадскія не цікавяць, я ўжо вясковую прыкмеціў… А твая, Дзмітрый, прачнулася хоць? Нешта доўга ты яе чакаеш.
– Мая? Дык… – хмурна вымавіў Янчанка, – Прачнулася… Ды ўсё ніяк не збярэцца. Ужо і раней пачалі падымацца з ложка, усё роўна, не спяшаецца. Вось вазьму, калі-небудзь, збяруся і паеду без яе! А яна выйдзе, а машыны ды няма… Ведаць будзе! – не новае казаў Янчанка.