Размер шрифта
-
+

Па той бок - стр. 14

Куды ісці, у якім напрамку, мне было невядома. Хоць я заўсёды памятаў пра маленькую карту ў кішэні, але ленаваўся зазірнуць у яе і разабрацца. Навошта гэта трэба, калі Ф-11 дакладна ведаў, куды нам ісці. Ён кіраваўся сваёй навігацыйнай сістэмай і па-ранейшаму ішоў наперадзе, я ішоў за ім і часам з трывогай азіраўся назад, быццам адчуваў, што за намі хтосьці сочыць. Праходзілі праз горы разбітага бетону. Яны былі складзеныя так, што ўтваралі тунэлі, можна было прайсці скрозь іх. А калі яны скончыліся, то мы ішлі па паверхні сухога пяску і па кавалках бетону, з якога тырчалі жалезныя пруты. Мне было маральна цяжка падарожнічаць, але даводзілася цярпець.

Таксама, мы прайшлі праз будынак, які ляжаў разбураным, дзе я заўважыў яшчэ адзін надпіс: «Іх свет знікне. Нашы ворагі загінуць».

– Эй, Ф-11?! Ты не казаў пра вайну, пра ворагаў. Не згадваў нічога такога. Што за ворагі? Ты паглядзі на надпіс. Эй?! Ня маўчы! Ці ты нешта ўтойваеш? – спытаў я.

Робат працягваў упэўнена ісці наперад. Маўчаў, быццам зусім не чуў мяне, хоць я знаходзіўся ў пару метрах ад яго.

– Я з табой размаўляю! Ты мяне чуеш? – я зноў звярнуўся да робата. – Ты бачыў той надпіс?..

Робат, крыху счакаўшы, усё ж адказаў.

– Я чую вас. Я шукаў адказ у сваёй памяці. Ніякай вайны не было, у маёй памяці яе няма. Надпісы, мабыць, маюць нейкі іншы сэнс. Магчыма, яны былі зробленыя вельмі даўно і носяць выключна самотны характар. – прамовіў робат.

Ф-11, калі адказваў, не абарочваўся да мяне і не збаўляў крок.

Шчыра кажучы, я засумняваўся ў яго словах. Нейкае пачуццё ўнутры мяне прымушала сумнявацца ў ім. Складвалася такое адчуванне, што Ф-11 нешта не дагаворвае, нешта хавае. Хм… Якая хітрая гэтая штука – робат! Працягваць пытацца ў яго аб надпісах або аб чымсьці іншым я не стаў, мне стала неспакойна. Хоць я і давяраў яму ў многіх нашых прыгодах, тут жа я ўсумніўся.

Мы падоўгу блукалі па гэтых гарадскіх развалінах. Лёгка праходзілі па пустынных доўгіх калідорах, дзе я супакойваў сваё дыханне. А часам, даводзілася ўзбірацца на кучу бетону і спускацца, імкнучыся не параніцца.

– Руіны заканчваюцца! – сказаў і павярнуўся да мяне робат. – Паслухайце, за гэтымі ацалелымі будынкамі нас чакае пустыня.

Ф-11 паказваў пальцам на будынкі, што знаходзіліся ад нас на адлегласці, дзесьці за сто метраў. Робат бачыў маю стомленасць. Я цяжка дыхаў, твар пакрываўся буйнымі празрыстымі кроплямі поту. Таму, калі ж мы дайшлі да апошняга шматпавярховага будынка, я прысеў у ценявой часткі і абапёрся спіной аб халодную шэрую сцяну. Я дастаў новую прастакутную тканіну з аптэчкі для таго, каб прыкрыць нос і рот ад пясчынак пустыні, што лёталі па ветры. Бо цяпер, нас чакала ўсё тая ж цяжкая беласнежная пустыня.

Страница 14