Размер шрифта
-
+

Па той бок - стр. 11

Я спытаў у яго, што чакае наперадзе. А ён толькі адказаў, што я павінен паберагчы прыпасы і сілы, бо чакае нас доўгі і небяспечны шлях.

Падчас нашай размовы я спрабаваў успомніць нешта пра сябе. Памяць па-ранейшаму хавалася і да гэтага часу мучыла мяне. Хто я такі? Ці ёсць у мяне родныя? Адкуль я? Навошта мне трэба ў той закрыты горад Розжыг? Я стаў меркаваць, што ўсе адказы я знайду ў горадзе, калі дабяруся да яго.

Я забраў у робата свой маленькі кавалак паперы. Цяпер у мяне ёсць карта. Змясціў яго ў кішэню. Сабраў заплечнік і, накінуўшы вінтоўку, я быў гатовы рухацца наперад.

Цёмны лес аддаляўся ад нас. Тэмпература паветра, па маіх адчуваннях, павялічвалася з кожным нашым крокам наперад, станавілася вельмі горача. Пустыня была велізарнай. Над ёй, удалечыні, мігцела гарачае паветра, яго хвалі ляцелі да неба. Час ад часу дзьмуў лёгкі ветрык, які падымаў белыя салявыя пясчынкі крыху вышэй за мяне. З-за гэтага мне станавілася цяжэй дыхаць і вельмі хацелася піць.

– Кхе-кхе-кхе! – закашляў я.

Спыніўся, упаў на калені, на мяккі беласнежны пясок.

– Пастой! – сказаў я робату. – Не магу дыхаць…мне цяжка…

– Я чымсьці магу дапамагчы? – спытаў робат і падышоў да мяне.

– Кхее-кхе… – зноў вырваўся кашаль.

Я зняў заплечнік, дастаў з яго ваду і аптэчку. Прамачыў горла маленькім глытком вады. Затым адкрыў аптэчку і ўзяў тонкі квадратны кавалак тканіны. Прыкрыў ім ніжнюю частку твару. Так дыхаць было значна лягчэй.

– Вам патрэбна мая дапамога? – зноў спытаў робат.

– Так! Усё, што ты можаш цяпер, гэта дапамагчы мне несці рэчы, – сказаў я і аддаў заплечнік робату.

Штурмавую вінтоўку я вырашыў пакінуць у сябе – так было спакайней.

Гарызонт плавіўся, дрыжаў. Мае ногі трохі патаналі ў пяску, з-за гэтага было цяжка ісці. Сонца пякло ў галаву. Пот імкліва сцякаў па ўсім целе. Я зняў верхнюю частку свайго касцюма, накінуў яго на галаву, тым самым схаваўся ад сонца. Напалову агаліў цела.

Здавалася, што мы ішлі вельмі павольна, нібы цэлую вечнасць. Сонца, абагнаўшы нас, цяпер апынулася наперадзе і свяціла мне прама ў вочы. Затым яно стала патроху хавацца ў нейкіх прадметах. Мільгала, падморгвала мне сваімі асляпляльнымі прамянямі. Адразу і не разабраць, што там наперадзе. На вялікім цёплым крузе сталі праглядацца нейкія цені і, чым бліжэй мы да іх падыходзілі, тым больш іх станавілася.

Толькі да заходу мы дабраліся да гэтых ценяў. Гэта былі закінутыя будынкі. Высокія пабудовы, напалову сыходзілі ў пясок. Іх было з дзесятак такіх, можа больш: шэрыя, паўразбураныя будынкі. Вельмі шмат руінаў, бетонных пліт ад ня ацалелых высотак. Мёртвы горад. Мы хадзілі тут як па лабірынце. Шукалі добрае месца для начлегу. Былі ўжо прыцемкі, калі мы зазірнулі ў першы высокі будынак. На першы погляд, старыя сцены былі моцнымі, ніякіх цэлых вокнаў і дзвярэй няма. Унутры ляжаў сухі пустынны пясок. Паўразбураная лесвіца вяла ўверх да іншых паверхаў. Каля яе быў ліфт, дзверы якога былі адчыненыя. Я пабаяўся туды зазірнуць. І, забраўшы свой заплечнік у робата, я адышоў ад яго. А вось робат паглядзеў уніз, пасвяціў ліхтарыкам і адышоў.

Страница 11