Размер шрифта
-
+

Нязніклыя - стр. 17

– Пачакай, а пра каго ты казаў? Тады, раней, і вось зараз пра іх згадаў, пра якіх істот? Я цябе не разумею.

– Ты што не сустракала нікога да мяне?

– Жывёл толькі, хворых жывёл… Ты першы чалавек, якога я сустрэла за гэты доўгі месяц.

Зноў замігцела святло ў невялікім памяшканні. Паліна трохі адцягнулася, а затым сказала:

– Дзіўна, што за гэтыя дні я так нікога не сустрэла… Хоць я абышла ўвесь горад. Дарэчы, я ж і тут была, каля твайго новага дома. Я хадзіла тут у першы тыдзень пасля таго, што здарылася, мабыць, таму мы з табой размінуліся. Ты быў яшчэ там, на іншым канцы горада… А ты ж не пра жывёл казаў, калі згадваў істот?! Той страшэнны крык, гэта былі яны, пра іх ты кажаш?

– Так, пра іх. Дзіўна, што ты не сустракала істот. Я б сказаў, што табе пашанцавала. Не, ну калі б я сустрэў цябе хоць бы на другі тыдзень, то мне б пашанцавала… А вось істота, гэта жудасць. Непрадказальная, моцная, бясстрашная. Яна ростам, як я ці ты, але выглядае непрыемна. Я спрабаваў прыдумаць ёй імя, а потым, як бы прывык называць па-простаму – істота. Я не сустракаў іх занадта шмат, бачыў і біўся з імі не толькі ў першы тыдзень. Яны, то па адным, то па двое хадзілі ў маім мікрараёне. Потым натоўпамі, акупавалі раён, і я перабраўся сюды. Уладкаваўся, змірыўся з адзінотай і выжываннем. Тут ніколі не было істот, у гэтай частцы горада. Але, я сустракаў іх, хіба толькі адышоўшы далей ад свайго прытулку, калі шукаў прадукты. Крамы з прадуктамі станавіліся ўсё далей і далей. Сёння, ты знайшла мяне, а істота ўжо побач. Магчыма, яна сачыла за табой…

– Мне падалося, што ты абвінавачваеш мяне, у тым, што я прывяла да цябе…істоту, якую я і ў вочы не бачыла?!

– Ды мне пляваць на істот. Я цябе ні ў чым не абвінавачваю, проста кажу аб тым, што яны цяпер захопліваюць увесь горад.

– Я амаль месяц блукала па горадзе, але толькі сёння ўпершыню пачула крыкі і даведалася пра істот. Дзіўна гэта ўсё… У цябе тут так светла. А адкуль электрычнасць? За першы ж тыдзень усе адключылася.

– Тут, каля чыгуначнага вакзала, яшчэ ёсць электрычнасць. Праўда збаіць ўжо, які дзень. Нават радыё працуе, шыпіць часам, але бывае, што грае музыка, паўтараецца толькі адна песня. Вось літаральна ўчора, яно зашумела, затрашчала, а затым зноў змоўкла. А пасля маўчання, скрозь перашкоды, загаварыў малады мужчынскі голас. Я бліжэй падышоў да хрыпаты. Хтосьці казаў. Казаў, быццам на іншай мове. Але я прыслухаўся і разабраўся, пачуў зварот, які гучаў неяк так: «Увага! Усе хто чуе гэта! Усе хто выжыў! Чакаем вас у Бабруйску. Увага! У Бабруйску! Бабруйск – горад для тых, хто выжыў!» Учора бліжэй да ночы яшчэ паўтаралася гэтае паведамленне. І сённяшнім ранкам. Зараз, уключу табе, сама паслухаеш.

Страница 17