Хаціна - стр. 29
– Салдат? – глухім тонам звярнуўся да Агуркова Зуйко. – Не стой адкрыта каля акна, заб'юць жа!
І тут жа на васемнаццацігадовага хлапчука нарынулі самотныя пачуцці смутку. Ён нават уздрыгнуў. Яго цёмныя вочы прабегліся па закінутаму шырокаму памяшканню, ён незадаволена скрывіў свой смуглы твар і прыціснуўся да цаглянага мура, што знаходзіўся паміж ваконных праёмаў.
У той час Алесь Траўнік моўчкі выцягнуў адзінае металічнае крэсла з кучы разбітых карцінных рам і іншага смецця, паставіў яго ля сцяны. Сеў далей ад усіх. Алесь адчуў, як патроху яго адпускала душэўная стомленасць. Ён стаў рэдка і ляніва дыхаць. Ногі прыемна балелі пасля цяжкага шляху. Хацелася спаць. Алесь сядзеў на крэсле і ўважліва аглядаў вельмі знаёмае для яго памяшканне. Затым ён паглядзеў на кожнага салдата, на іх чорныя ваенныя плашчы. Успомніў, што дакладна такі плашч вісіць у яго бацькоўскай хаціне. І адразу Алесь трывожна падумаў пра тое, што, напэўна, ягоны бацька Віктар быў тут і нейкім чынам змог пакінуць гэты змрочны свет, прыхапіўшы з сабой плашч. Алесь сказаў сабе: «Гэта знак! Дакладна. Значыць, я на правільным шляху. Я іду па яго следзе, за ім». Гэта падзея распаліла ў Алесі вялікі азарт да прыгод, хіліла яго прадоўжыць шлях да загадак і адказаў. Ён нехаця стаў горача разважаць аб тым, што адбывалася ў самалёце. Як так атрымалася, што ён сустрэў маму?! І тым самым, усё больш пераконваў сябе – гэта дзіўнае месца дазваляе ўбачыць тых, каго няма. Яму захацелася зноў убачыць яе, адшукаць маму ў гэтым чужым і невядомым свеце, каб абняць і пагаварыць з ёй. Алесь уяўляў сабе сустрэчу з ёй і, нават калі яна яго не пазнае, яму б было прыемна і ў той жа час балюча стаяць побач з ёй. Алесь меркаваў: «Мабыць, таму бацька і быў тут. Знайшоў яе і захацеў застацца…ці ж, затрымаўся ў гэтым свеце і ніяк не можа выбрацца дадому». Доўга і цяжка думаў Алесь. «Што ж рабіць мне? Кінуць усіх гэтых салдат і шукаць родных…ці ж паддацца ўплыву гэтага месца і дзеяння?» – трымаў у галаве гэтыя пакутлівыя думкі Алесь.
Радавы Зуйко ціха, з змрочным тварам, падышоў да Сядова і загаварыў з ім:
– Лейтэнант?! Капітан просіць дапамогі. Лекар патрэбен!
Гэтыя два апошнія сказы адцягнулі на сябе ўсю ўвагу акружаючых. Сядоў страціў усмешку, а затым павярнуўся да радавога.
– Што здарылася? Дзе капітан? Паранены? – звонкім голасам замітусіўся чарнявы лейтэнант.
– З капітанам усё добра. Цывільны на другім паверсе. – хутка прамармытаў Зуйко, папраўляючы вінтоўку.
– Тады чаго ты глядзіш на мяне? Забыўся, хто ў нас медык? Траўнік! Вось жа ён сядзіць! – сурова вымавіў лейтэнант Сядоў, а затым раздражнёна звярнуўся да Алеся. – Эй, аглух, ці што? Уставай і выконвай загад! Рассеўся ён!..