Хаціна - стр. 20
Над галавой разрасталася велізарная хмара, якая, тут жа, звонка загрукатала і следам пусціла ўніз вялікія кроплі вады. Тады ж і пайшоў праліўны дождж. На вялікі горад, на яго разваліны, руіны і на будынкі, што засталіся амаль ацалелымі, хлынула нябесная вада. Яна ручаём, шумна сцякала па бетонных плітах на друзлую і цвёрдую глебу нізін, утвараючы сабой вялікія лужыны. Назапашвалася ў салдацкіх траншэях і напаўняла сабой шырокія варонкі ад варожых бомбаў. Пыл таго абстрэлу заснуў у гразі шэрага горада.
Маланкі, адна за адной, працягвалі сеяць святло. Дзякуючы гэтаму Алесь змог агледзецца.
Аддзяліўшыся ад усіх, Алесь не адпускаў напружаны і чакальны стан. Але пасля чарады б'ючых маланак, хлопец двума рукамі моцна схапіўся за стралковую зброю і вырашыў, што пара дзейнічаць. Першай справай ён паглядзеў, што ж робіцца за траверсам ззаду яго. Горы разбітых бетонных сцен, жалеза, ляжалі далёка ад траншэі. У акрузе, у гразі ўсё ўсеяна мёртвымі целамі. Іх было занадта шмат. Малая частка з іх была апранута ў тую ж шэрую вайсковую форму, што насіў Алесь. Веяла пагрозай. Ад гэтага хлопцу стала няёмка і страшна, уся гэтая атмасферная карціна вайны палохала несапраўднага салдата. Алесь ніколі раней не ваяваў, а тым больш не бачыў столькі загінулых людзей. Не сабраўшыся з думкамі, Алесь у страху зноў схаваўся ў траншэі, апусціў галаву і застыў на месцы. Ён хаваўся ад мёртвых, бо думаў толькі пра іх, а не пра тое, як прадоўжыць шлях. У той разгублены момант ён адчуў мяккі дотык па назе. Нечаканы разрад маланкі асвятліў усю прастору – пад нагамі Алеся, у бруднай вадзе ляжала дарослае мужчынскае цела ў бела-чорным камуфляжы. Яго мёртвы зялёны твар, з адкрытымі чорнымі вачыма, цьмяна абмалёўваўся пры секундным святле. Ён быў жахлівым і вельмі страшным. Зялёная галава, як і ўсё цела, калыхалася ў каламутнай вадзе. Калі ж яркае святло маланак згасла, зніклі ўсе абрысы мерцвяка і цела злілося з цемрай. Тады забіты зноў дакрануўся правай нагі Алеся.
Хлопец адскочыў, адышоў ад цела. Ад жаху ён хутка пайшоў па траншэі, пераступаючы нежывыя целы на сваім шляху. Моўчкі, па змрочнай муці, у дождж і ў дрыготкім вар'яцкім святле маланак Алесь накіроўваўся ў бок будынка з чырвоным дахам. Ён як звер імчаўся наперад, адчуваючы неспакойнасць душы і халодны страх сэрца. Ногі цяжка ішлі, рукі слізгалі аб пясчаныя сцены, па якіх хутка сцякала дажджавая вада. Калі ж салдацкае ўмацаванне скончылася, Алесь, не задумваючыся, цяжка вылез на паверхню. Аддыхаўся, супакоіў сябе тым, што нарэшце ён быў наверсе. Затым шырока адкрытымі вачыма, пад уплывам начной цемры, хлопец паспрабаваў агледзецца па баках. Маланкі ўжо не так часта гулялі ў небе, а тоўстыя кроплі вады падалі перад яго тварам, сцякалі па яго плашчу. Вакол было змрочна і мокра. Цяжка было выразна ўбачыць гарадскія далі. Начны праліўны дождж маскіраваў мясцовасць, сціхалі шумныя навальнічныя разрады. Усё радзей асвятлялася мясцовасць перад салдатам, здавалася, што вось-вось святло зусім знікне і пакіне маладога хлопца ў поўнай цемры. І ў гэтае імгненне, калі Алесь яшчэ стаяў недалёка ад траншэі, здалёк, нечакана пачуўся адзіночны стрэл, які яшчэ больш азмрочыў дух хлопца. А затым з левага боку пачулася кулямётная чарга і ў бок напалоханага салдата паляцелі кулі, якія свяціліся ў цемры. З назапашанай злосцю і з вялікім страхам, у секунду небяспекі хлопец зрабіў некалькі хуткіх крокаў наперад. Ён не чуў, як аб цвёрдую паверхню біліся кулі, як яны злосна свісталі вакол яго цела: шумеў дождж, шумеў капюшон на галаве, шумела сэрца. Калі ж яшчэ з большай сілай загрукатаў кулямёт, Алесь стаў хутка бегчы наперад, амаль не бачачы нічога перад сабой. Спатыкаўся, стукаўся і падаў. Хутка ўставаў. Неакуратна перабіраў ногі ў палохаючай начной цемры. Бег да таго часу, пакуль не ўпёрся ў паўразбураны будынак, у яго ацалелую частку першага паверха. Алесь схаваўся тут, у цёмным куце пад плітой, што калісьці падзяляла першы і другі паверх, а цяпер схілілася: адзін край да падлогі, а другі трымаўся за сцяну. Хлопец відавочна не хаваўся ад моцнага дажджу, які не пераставаў паліваць разбураны горад. Алесь баяўся жахлівай ночы і варожых куль. Некалькі гадзін праведзеных тут сталі для яго катаваннем. Прыціснуўшы калені да сябе, перакуліўшы капюшон плашча за спіну, радавы падоўгу ціха сядзеў і ўслухоўваўся ў кожны шоргат, у кожнае дакрананне кропель да бетону, глебы. Ён чуў незнаёмую гаворку, павольны тупат чаравікоў. Салдаты праходзілі побач. Яны, як паляўнічыя, якія вось-вось знойдуць загнанага ў вугал спалоханага звера. Хлопец упершыню ў сваім жыцці трымаў у руках аўтамат і ў той момант ён моцна трымаў яго перад сабой. Алесь рэзка круціў галавой па баках і страшна ўяўляў сабе, як яго знойдуць, як першым падзе гарачая гільза з чужой зброі. Паступова крокі і шэпт салдат згасалі, усе чалавечыя гукі павольна аддаляліся ад яго. Хлопец яшчэ доўга сядзеў у халодным поце. Яму здавалася, што яго атачылі ворагі і чакаюць, калі ж ён сам выйдзе з цёмнага кута.