Хаціна - стр. 2
– Спадар, Траўнік?! Вы дома? – гучным тонам вымавіў Бацюк.
Ён, папраўляючы штатную чорна-карычневую ўніформу, цярпліва чакаў, калі ж адчыняцца ўваходныя дзверы хаты. Але ніхто яму не адказаў, ніхто не выйшаў. Шум знутры, які даносіўся да яго маленькіх вушэй, спакушаў Бацюка падысці бліжэй да дзвярэй. Дапытлівы шэрыф зрабіў некалькі крокаў наперад, падняўся па рыпучых прыступках і, апынуўшыся ля драўляных дзвярэй, пастукаў па іх сваёй сціснутай пухлай далонню.
– Траўнік, адчыніце дзверы! – ён зноў звярнуўся да гаспадара пабудовы, нацэліўшы свой погляд на мігатлівую цень у бліжэйшага акна.
У гэты час Віктар маячыў па хаце, хаваў усё тое, што можа кінуцца ў вочы шэрыфу і навесці якія-небудзь падазрэнні ці ж стварыць недарэчныя пытанні датычна яго даследавання. Віктар устрывожана думаў толькі аб адным: ніхто не павінен даведацца, што хавае гэтая хаціна, бо гэта можа прывесці да чагосьці дрэннага. Траўнік гадаў аб будучых дзеяннях шэрыфа, шаптаў, пацеў. Працягваў бегаць па рыпучай падлозе да таго часу, пакуль Бацюк зноў, больш старанна, гучней не пастукаў у дзверы, чым раней.
Віктар пракруціў ключ дзвярнога замка.
– Не турбуйцеся, – з усмешкай вымавіў спадар Траўнік, выйшаўшы за дзверы хаціны. – Чым магу дапамагчы, шэрыф?
Віктар хваляваўся, папраўляў свае круглыя акуляры, якія з-за шырокай усмешкі часта спаўзалі па яго вузкім вострым носе. Ён недалюбліваў такіх людзей, як Бацюк, якія сунулі свой нос у чужыя справы.
– Добры дзень. Знік сабака па мянушцы Джэм. Невялікага росту, белы, з рудымі плямамі на целе…вочы ў сабакі розныя: адно вока сіняе, другое карае. Не бачылі гэтую жывёлу? Можа быць, прабягаў каля вашай хаты? – цікавіўся шэрыф мяккім голасам.
– Што, прабачце, сабака?! Не, не бачыў! – суха адказаў сівавалосы мужчына і развёў рукамі. – Я чалавек вучоны і мне некалі думаць аб сабаках…я рэдка выходжу ў двор.
– Вось, паглядзіце! – Бацюк дастаў лістоўку з кішэні і працягнуў яе вельмі блізка да твару навукоўца. – Дакладна не бачылі сабаку?
– Не. Прабачце, я нічым не магу вам дапамагчы. – адказаў Віктар, папраўляючы свой пакамечаны, запэцканы чорнымі плямамі, белы халат.
Для шэрыфа, мужчына паводзіў сябе дзіўна і падазрона. Таму, калі Віктар вырашыў пакінуць шэрыфа за дзвярыма і схавацца ад размоў з ім, прыкрываючы дзверы, Бацюк злёгку адсунуў Віктара ў бок, прыціснуўшы таго да дзвярнога праёму. Шэрыф увайшоў у хату, паправіў свае карычневыя вусы. Адразу агледзеўся па баках. Злева ад яго, пад акном, стаяў шырокі стол і чатыры крэслы. Побач з мэбляй стаяла белая, злёгку аблезлая, вялікая печ. Справа шэрыф убачыў пару вядзёр празрыстай вады, якую гаспадар набраў з калодзежа за хатай. Насупраць вёдраў дзве высокіх шафы, гліняны посуд, іржавы ровар, працёртыя боты, над якімі вісеў чорны ваенны камандзірскі плашч. Бацюк не бачыў ніякіх намёкаў на тое, што хударлявы прафесар нешта вынаходзіць або вывучае ў драўляных сценах пабудовы. Віктар рабіўся чалавекам, які проста вырашыў адпачыць і пажыць у поўнай адзіноце, але на фоне гэтага, ён выстаўляў сябе з іншага боку. Апусціўшы рукі ў кішэні, Віктар задыхаў часцей, яго бледны твар вельмі пацеў. Ён перыядычна выціраў кроплі шырокім левым рукавом халата, не дастаючы правую руку з кішэні, у якой хавалася палова залацістага шара, толькі адна дэталь. Вучоны раздражняльна, з хваляваннем, не адводзіў вачэй ад няпрошанага госця.